Гальштук Вудра Вильсана (на белорусском языке) :: Хайсмит Патриция
Страница:
7 из 24
Перад шырмай стаяў ложак, на якiм ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымi на роварны руль вусамi, якi, паводле iдэi аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.
Наведвальнiкi пачалi пакрыху збiрацца пасля таго, як мiнула палова дзесятай. I той самы цыбаты нудлiвы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусiў пачакаць яшчэ некалькi хвiлiн, пакуль, на яго думку, можна было спакойна злiцца з натоўпам i выйсцi з музея, хаваючы ў кiшэнi гальштук Вудра Вiльсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслiвы - хаця калi падумаць - каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хiба што Джоi Враслi, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сiманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоi не варты такой цiкавай гiсторыi. Клайв спазнiўся на працу аж на паўгадзiны.
- Прабачце, мiстэр Сiманс, я праспаў, - таропка, але, на яго думку, дастаткова ветлiва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалi прадукты для дастаўкi пакупнiкам. Клайв паставiў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.
Клайв жыў разам з мацi, хударлявай, вельмi нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў i бялiзны. Муж кiнуў яе, калi Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кiнуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмi засмуцiў мацi, i каля года нiчым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце цi бадзяючыся з такiмi, як i ён, ля вуглоў. Але нiхто з яго знаёмых так i не зрабiўся яго блiзкiм сябрам на радасць мацi, бо яна лiчыла ўсю iхнюю кампанiю нiкчэмнай дрэнню.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|