Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 10 из 102

Птушкi скочылi на седала, жывёла ўлеглася на салому, i праз хвiлiну ўся ферма ўжо спала.

II

Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалi ў канцы саду.

Было гэта на пачатку сакавiка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзiла ў сама разумных жывёлiнаў на ферме зусiм новы погляд на жыццё. Яны не ведалi, калi адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у iх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за iх жыццём, але яны ясна бачылi, што iхнi абавязак падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць i арганiзаваць iншых выпаў, натуральна ж, на долю свiнняў, бо ўсе лiчылi, што свiннi - найразумнейшыя з усiх жывёлаў. Найвыдатнейшымi сярод свiнняў былi два маладыя кныры - Сняжок i Напалеон, якiх мiстэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялiкi, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзiны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркi, але вядомы сваёй упартасцю i ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык i больш кемлiвы, але лiчылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнiя вепрукi на ферме гадавалiся на зарэз. Найбольш вядомы сярод iх быў маленькi тоўсты падсвiнак Вiскун з круглымi шчокамi, мiрглiвымi вочкамi, жвавымi рухамi i пранiзлiвым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам i, калi спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды i вiляць хвастом, што ўздзейнiчала на слухачоў вельмi пераканаўча. Пра Вiскуна казалi, што ён умее з чорнага зрабiць белае.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]