Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
12 из 102
Масей, якога асаблiва песцiў мiстэр Джоўнз, быў шпiёнам i даносчыкам, але ён быў яшчэ i разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра iснаванне таямнiчае краiны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерцi адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамi, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвiце ўвесь год, а кавалкi цукру i льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавiдзелi Масея, бо ён баяў байкi i не працаваў, але некаторыя верылi ў Ледзянцовыя Горы, i свiнням даводзiлася зацята спрачацца, каб пераканаць iх, што такой краiны не iснуе.
Сама вернымi iх вучнямi былi цяглавыя конi Баксёр i Канюшынка. Iм было вельмi цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзiўшыся аднойчы з тым, што свiннi iх настаўнiкi, яны паглыналi ўсё, што iм казалi, i перадавалi сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнiчалi на таемных сходах у гумне i найгучней спявалi "Звяры Брытанii", якiмi канчаўся кожны сход.
Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней i значна прасцей, чым усе спадзявалiся. Некалi раней мiстэр Джоўнз, хоць i жорсткi гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнiм часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся i прыахвоцiўся да чаркi, ды так, што гэта пачало ўжо iсцi яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымi днямi сядзеў у сваiм разьбяным драўляным крэсле на кухнi, чытаў газеты, пiў i раз-пораз кармiў Масея хлебнымi скарынкамi, змочанымi ў пiве.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|