Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 9 из 102



Не будуць люта ляскаць пугi,

Мы скiнем з шыяў хамуты,

I саржавеюць шпоры й цуглi

У час той прышлы залаты.

Усе багаццi: бульба, жыта,

Пшанiца, сена i ячмень,

Нам застануцца, i дасыта

Мы будзем есць i пiць штодзень.

Падуць платы i загародкi,

Зазелянее кожны кут,

Паветра зробiцца салодкiм

У дзень збавення ад пакут.

Няхай памрэм ад цяжкай працы

Але наблiзiм светлы час;

Павiнен рогам упiрацца

Дзеля свабоды кожны з нас.

Шатландскi звер i звер ангельскi,

Звяры ўсiх земляў i плямён,

Пачуйце радасную вестку

Пра наблiжэнне светлых дзён.

Песня выклiкала ў жывёлаў дзiкае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалi ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з iх ужо падхапiлi мелодыю i запомнiлi некалькi словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свiнняў i сабакаў, дык яны за колькi хвiлiн вывучылi ўсю песню на памяць. I тады, пасля некалькiх папярэднiх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлiвым аднагалоссi "Звяры Брытанii". Каровы мыкалi, сабакi скуголiлi, авечкi бэкалi, конi ржалi, качкi кракалi. Песня так iх зачаравала, што яны праспявалi яе цалкам пяць разоў запар i спявалi б яе ўсю ноч, каб iх не перапынiлi.

На бяду, гэты гармiдар абудзiў мiстэра Джоўнза, i ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла лiса. Ён схапiў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальнi, i стрэлiў набоем шроту No 6 у цемру. Шрацiнкi ўпiлiся ў сцяну гумна, i сход паспешлiва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]