Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 15 из 102

Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца "Звяры Брытанii" i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.

Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган. Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм - усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.

Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]