Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
16 из 102
Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi. Яна выцягнула з туалетнага столiка мiсiс Джоўнз блакiтную стужку i цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалi, i яны выйшлi на двор. Некалькi кумпякоў, што вiселi на кухнi, былi вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з пiвам у каморы Баксёр прабiў капытом, больш яны ў доме нi да чога не дакранулiся. Адразу аднадушна пастанавiлi, што сядзiба будзе захаваная ў якасцi музея. Было вырашана, што нiхто з жывёлаў нiколi не будзе там жыць.
Жывёлы паснедалi, i тады Сняжок i Напалеон зноў склiкалi iх разам.
- Таварышы, - сказаў Сняжок, - цяпер палова сёмай гадзiны, i наперадзе яшчэ доўгi дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас i яшчэ адна справа, якой мы найперш мусiм аддаць увагу.
I свiннi расказалi, што за апошнiя тры месяцы яны навучылiся чытаць i пiсаць з старога лемантара, якi належаў дзецям мiстэра Джоўнза i якi выкiнулi на сметнiк. Напалеон загадаў прынесцi белай i чорнай фарбы i прывёў усiх да брамы, што выходзiла на гасцiнец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пiсанне) зацiснуў пэндзаль памiж косткамi капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву "Ферма Мэнар" i напiсаў замест яе "Ферма Жывёлаў". Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|