Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 41 из 102

А што да Бiтвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калi выявiцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыплiна, таварышы, жалезная дысцыплiна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзiн памылковы крок, i вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелi, каб вярнуўся Джоўнз; калi правядзенне спрэчак нядзельнымi ранiцамi магло б спрычынiцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкi варта было спынiць. Баксёр, якi цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: "Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда". I з таго часу ён узяў сабе за прымаўку "Напалеон заўсёды кажа праўду" ў дадатак да свайго асабiстага дэвiзу "Я буду працаваць яшчэ старанней".

Тым часам надвор'е перамянiлася i пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, i лiчылася, што гэтыя чарцяжы былi сцертыя з падлогi. Кожную нядзелю ранiцай а дзесятай гадзiне жывёлы збiралiся ў вялiкiм гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусiм голы, выкапалi з магiлы ў садзе i прычапiлi на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусiлi ўрачыстым шыхтам прайсцiся мiма чэрапа, перш чым увайсцi ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелi ўсе разам, як некалi раней.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]