Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
42 из 102
Напалеон з Вiскуном i яшчэ адным парсюком, якога звалi Малятка i якi меў незвычайны талент складаць песнi i паэмы, сядзелi наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол iх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а iншыя свiннi сядзелi ззаду. Астатнiя жывёлы сядзелi насупраць iх у сярэдзiне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылi, i пасля аднаразовага адспявання "Звяроў Брытанii" ўсе жывёлы разыходзiлiся.
Трэцяе нядзелi пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзiўленнем пачулi паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў нiякiх прычынаў гэткай змены сваiх намераў, а проста папярэдзiў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмi цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скарацiць харчовыя нормы. Усе праекты былi ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбнiцы. Адмысловы свiны камiтэт працаваў над iмi на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з iншымi перадавымi пераменамi, зойме два гады.
Гэтым вечарам Вiскун тлумачыў прыватна iншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасцi нiколi не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён баранiў гэтую iдэю з самага пачатку, а чарцёж, якi Сняжок намаляваў на падлозе ў iнкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такiм чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Вiскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хiтрасць таварыша Напалеона. Ён рабiў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавiцца ад Сняжка, якi быў небяспечны элемент i дрэнна ўплываў на астатнiх. Цяпер, калi Сняжок прыбраны з дарогi, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|