Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
43 из 102
Гэта, сказаў Вiскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькi разоў: "Тактыка, таварышы, тактыка!", скачучы навокал, круцячы хвастом i весела смеючыся. Жывёлы не ведалi дакладна, што значыць гэтае слова, але Вiскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакi, што выпадкова апынулiся пры iм, вурчэлi так пагрозлiва, што яны пагадзiлiся з яго тлумачэннямi без лiшнiх пытанняў.
VI
Увесь гэты год жывёлы працавалi, як рабы. Але яны былi шчаслiвыя; яны не шкадавалi сiлы i ахвотна iшлi на ахвяры, бо добра ведалi, што ўсё, што яны рабiлi, было для iх самiх i для тых пакаленняў, якiя прыйдуць пасля iх, а не для жменькi лайдакоў i зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.
Усю вясну i лета яны працавалi шэсцьдзесят гадзiн на тыдзень, а ў жнiўнi Напалеон паведамiў, што яны будуць працаваць таксама i ў нядзелi пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёлiна, што самачынна адхiлялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткiх умовах ад некаторых работ давялося адмовiцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, i два палеткi, якiя планавалi засеяць караняплодамi на пачатку лета, засталiся незасеяныя, бо iх спазнiлiся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зiма.
Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былi добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску i цэменту, так што ўсе будаўнiчыя матэрыялы былi пад рукою.
|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|