Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 7 из 102

Нiколi не слухайце, калi вам будуць казаць, што Чалавек i жывёлы маюць агульныя iнтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць i дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць iнтарэсам нiводнай жывой iстоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць i братэрства ў змаганнi. Усе людзi - ворагi. Усе жывёлы таварышы.

У гэтую хвiлiну ўзняўся страшны гармiдар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялiкiя пацукi выпаўзлi з сваiх нораў i цяпер сядзелi на заднiх лапах i слухалi яго. Раптам iх заўважылi сабакi, i толькi спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукi ўратавалi сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклiкаючы да цiшынi.

- Таварышы, - сказаў ён, - нам трэба вырашыць адну праблему. Дзiкiя звяры, такiя як пацукi або зайцы, - сябры яны нам або ворагi? Давайце паставiм гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: цi можна лiчыць пацукоў таварышамi?

Адразу прагаласавалi, i пераважнай большасцю было вырашана, што пацукi таварышы. Было толькi чацвёра нязгодных: усе тры сабакi i кот, якi, як высветлiлася пасля, галасаваў на два бакi. Маёр працягваў:

- Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасцi да Чалавека i ўсiх ягоных звычаяў. Той, хто ходзiць на дзвюх нагах, - вораг. Той, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, - сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павiнны да яго прыпадабняцца. Нават калi вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Нiводная жывёлiна нiколi не павiнна жыць у доме, спаць у ложку, насiць адзенне, пiць гарэлку, курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкi Чалавека - лiха.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]