1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
54 из 72
Ён нiколi ў жыццi не пiў i не палiў, не ведаў iншага адпачынку, акрамя штодзённай трэнiроўкi на спортпляцоўцы, i склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лiчыў шлюбныя iсямейныя клопаты несумяшчальнымi з штодзённай дваццацiчатырохгадзiннай адданасцю абавязку. Ён не меў нiякiх iншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, i нiякай iншай жыццёвай мэты, акрамя знiшчэння эўразiйскiх ворагаў i абясшкоднення шпiёнаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў i ўсiх iншых здраднiкаў i падазроных элементаў.
Ўiнстан вагаўся, цi не ўзнагародзiць таварыша Огiлвi Ордэнам за Асаблiвыя Заслугi. Урэшце вырашыў, што не трэба, бо гэта пацягнула б за сабой зашмат непатрэбных выпраўленняў.
Ён яшчэ раз зiрнуў на свайго супернiка з нiшы насупраць. Нешта падтрымлiвала яго ўпэўненасць, што Тылатсан займаецца тым самым, што i ён. Невядома, чый варыянт будзе ўрэшце прыняты, але недзе ў глыбiнi душы ён адчуваў, што пераможа. Яшчэ гадзiну таму таварыш Огiлвi быў у цемры невядомасцi, а цяпер ён ужо рэальны факт. Яму падумалася, як лёгка можна ажывiць нежывога. Таварыш Огiлвi, якi нiколi не iснаваў у сучаснасцi, iснаваў цяпер у мiнуўшчыне, i як толькi забудзецца сам факт фальшавання, ён стане гэткiм жа сапраўдным, як Карл Вялiкi або Юлiй Цэзар.
5
У сталоўцы, што знаходзiлася глыбока пад зямлёй, чарга рухалася вельмi павольна. Зала была напханая да берагоў i аглушальна шумная. З акенца раздачы валiла пара ад густой полiўкi з кiсламеталiчным пахам, якi, аднак, не мог заглушыць смуроду джыну "Перамога" - у канцы залы быў маленькi бар, простая адтулiна ў сцяне, дзе можна было за дзесяць цэнтаў купiць вялiкую шклянку джыну.
|< Пред. 52 53 54 55 56 След. >|