1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
53 из 72
Ўiнстан хвiлiнку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапiс i пачаў дыктаваць у добра вядомым стылi Вялiкага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнiчы i педантычны, лёгка было падрабiдь дзякуючы звычцы Вялiкага Брата ставiць пытаннi i адразу на iх адказваць ("Якi ўрок атрымлiваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, якi таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавiта ...").
У тры гады таварыш Огiлвi адмовiўся ад усiх цацак, акрамя барабана, аўтамата i верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступiў у Шпiёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзiнаццаць гадоў ён выдаў Палiцыi Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыi. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзi. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Мiнiстэрствам Мiру i пад час першага выпрабавання забiла адным выбухам трыццаць аднаго эўразiйскага палоннага. У дваццаць тры ён загiнуў у баi. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знiшчальнiкаў, што праследавалi яго, калi ён ляцеў праз Iндыйскi акiян з важнымi дэпешамi, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамi, захапiўшы дзеля вагi бартавы кулямёт, каб адразу пайсцi на дно, - гэткай смерцi, сказаў Вялiкi Брат, можна толькi пазайздросцiць. Вялiкi Брат дадаў яшчэ колькi слоў пра сумленне i беззаганнае жыццё таварыша Огiлвi.
|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|