1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
52 из 72
Адзiны ключ да разгадкi быў у словах "называе нечалавекаў"- гэта сведчыла пра тое, што Ўiдэрз быў ужо мёртвым. Нельга было напэўна сцвярджаць, што гэтак канчалi арыштаваныя людзi. Часам iх зноў выпускалi i давалi жыць яшчэ год цi два на волi i толькi тады каралi смерцю. Зусiм нечакана чалавек, якога даўно лiчылi мёртвым, з'яўляўся, нiбы прывiд, на публiчным судовым працэсе, дзе паспяваў выдаць у сваiх паказаннях сотнi iншых людзей, перш чым, гэты раз ужо назаўсёды, знiкнуць са свету. Ўiдэрз, аднак, быў ужо нечалавек. Ён не iснаваў: ён не iснаваў нiколi. Ўiнстан вырашыў, што недастаткова проста змянiць кiрунак прамовы Вялiкага Брата. Лепей, каб яна ўвогуле не мела нiчога агульнага з першапачатковай тэмай.
Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвiнавачанне здраднiкаў i думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыi, калi б апiсаў перамогу на фронце цi блiскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкi. Найлепей прыдалася б чыстая фантазiя. I ён уявiў сабе, як жывога, нейкага мiфiчнага таварыша Огiлвi, якi нядаўна ў гераiчных абставiнах загiнуў у баi. Часам здаралася, што Вялiкi Брат прысвячаў свой Загад дня памяцi якому-небудзь простаму сябру Партыi, жыццё i смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такiм чынам, 3 снежня ён павiнен быў згадаць пра таварыша Огiлвi. Хоць чалавека з такiм iмем i не iснавала, аднак некалькi друкаваных радкоў i пара падробленых здымкаў маглi хутка i без цяжкасцi яго ажывiць.
|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|