Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
106 из 109
Свяшчэннiк зiрнуў на мяне знейкiм смуткам. Я стаяў, ужо цалкам прытулiўшыся спiнаю да сцяны, i святло мне лiлося на лоб. Свяшчэннiк прамовiў некалькi слоў, але я не пачуў, i потым, вельмi хутка, ён запытаўся, цi можна яму мяне абняць. Я адказаў:
- Не.
Ён адвярнуўся, падышоў да сцяны i паволi правёў па ёй рукою.
- Няўжо вы так любiце гэту зямлю? - амаль шэптам сказаў ён.
Я не адказаў.
Даволi доўга ён стаяў, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было цяжка адчуваць яго прысутнасць, яна раздражняла мяне. Я ўжо збiраўся сказаць, каб ён пакiнуў мяне, каб ён куды-небудзь пайшоў, калi ён раптам павярнуўся i амаль з надрывам ускрыкнуў:
- Не, я не магу даць вам веры! Я ўпэўнены, што вам даводзiлася хацець, каб iснавала нейкае другое, iншае жыццё.
Я адказаў, што гэта натуральнае жаданне, але ў iм не болей сэнсу як у марах, напрыклад, нечакана ўзбагацiцца, цi навучыцца вельмi хутка плаваць, цi раптам займець болей прыгожы рот. Усё гэта летуценнi аднолькавага парадку. Але ён перапынiў мяне i папытаўся, якiм жа я ўяўляю сабе гэтае iншае жыццё. Тут я ўжо закрычаў:
- Я ўяўляю яго такiм, каб у iм можна было ўспамiнаць пра жыццё цяперашняе!
I потым я сказаў, што з мяне досыць, мне абрыдлi ўсе гэтыя размовы. Ён захацеў зноў загаварыць са мною пра Бога, але я рушыў да яго i апошнi раз пастараўся растлумачыць, што ў мяне застаецца занадта мала часу i я не хачу трацiць яго на нейкага бога. Ён паспрабаваў перамянiць тэму i запытаўся, чаму я называю яго "пане", а не "айцец мой".
|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|