Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 12 из 109

Побач з катафалкам стаяў распараднiк працэсii - карантыш у дзiвотным адзеннi - i нейкi дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На iм быў фетравы капялюш з круглым верхам i шырокiм брылём (ён зняў яго, калi труну вынеслi з брамы), гарнiтур з закручанымi вакол ног калашынамi нагавiцаў, якiя маршчынiлiся над чаравiкамi, i чорны, завязаны вузлом гальштук, якi глядзеўся занадта маленькiм пад шырокiм каўнерам яго белай кашулi. Вусны старога дрыжалi пад навiслым, з чорнымi кропкамi носам. З-пад сiвых, вельмi тонкiх валасоў тырчалi дзiўныя - вялыя i бясформенныя вушы, мяне ўразiў iх крывава-чырвоны колер, якi нiяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднiк паказаў, дзе хто павiнен iсцi. Спачатку свяшчэннiк, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду - мы з дырэктарам, i ў канцы працэсii - санiтарка i Перэс.

Неба было ўжо ўсё залiтае сонцам. Пачынала прыпякаць, i спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьцi чакалi. У цёмным гарнiтуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, вiдаць, перадумаў i зняў. Я трошкi павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама i Перэс часта гулялi тут увечары i часам даходзiлi аж да самай вёскi. З iмi хадзiла сядзелка. Я азiрнуўся вакол. За шэрагамi гонкiх, высокiх кiпарысаў, якiя ўзбягалi па ўзгорках пад самае неба, вiднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымi парасткамi зямля, сям-там стаялi рэдкiя, акуратныя хаткi. Я разумеў маму. Увечары гэты краявiд, напэўна, выклiкае цiхiя, сумныя думкi.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]