Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
13 из 109
А цяпер, калi паветра дрыжыць пад спякотнымi промнямi сонца, ён выглядае занадта жорстка i нават прыгнятае.
Мы рушылi. Толькi цяпер я заўважыў, што Перэс трошкi накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, i стары пачаў адставаць. Адзiн з мужчын, што iшлi абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён iшоў побач са мной. Мяне здзiвiла, што сонца падымаецца так хутка. I раптам я пачуў, як у палях сакочуць i гудуць насякомыя, шапацiць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, i абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзiн мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выцiраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся:
- Што вы кажаце?
Ён паўтарыў, паказваючы на неба:
- Пячэ.
- Але, - сказаў я.
Трошкi пазней ён запытаўся:
- Хто ў вас памёр? Мацi?
- Мацi, - зноў сказаў я.
- Старая была?
Я адказаў:
- Не вельмi. - Я добра не ведаў, колькi маме год.
Тады ён змоўк. Я павярнуўся i ўбачыў, што стары Перэс iдзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас. Ён вельмi хацеў нас дагнаць i таропка чыкiльгаў, шырока махаючы капелюшом. Я паглядзеў на дырэктара. Ён iшоў вельмi паважна, не робячы нiводнага лiшняга руху. На лобе ў яго блiшчалi кроплi поту, але ён iх не выцiраў.
Мне здалося, што працэсiя пачала рухацца яшчэ хутчэй. Вакол быў той самы, залiты сонечным святлом абшар. Неба невыносна зiхцела. Пэўны час мы iшлi па нядаўна адрамантаваным участку дарогi. Асфальт плавiўся пад сонцам. Ногi гразлi, па беразе разлiвалася блiскучая мякаць.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|