Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
19 из 109
Я перакруцiў крэсла i паставiў яго так, як гандляр з тытунёвай лаўкi. Па-мойму, так сапраўды сядзець было зручней. Потым выпалiў дзве цыгарэты, вярнуўся ў пакой, узяў кавалачак шакаладу i, не спяшаючыся, пачаў яго есцi каля акна. Хутка неба пахмурнела, здалося, што зараз пачнецца навальнiца, як яно часта бывае ўлетку. Але патроху праяснела зноў, i толькi вулiца, нiбы ад пагрозы хмар, яшчэ заставалася цёмная. Я доўга стаяў каля акна i глядзеў на неба.
А пятай гадзiне зноў загрукаталi трамваi. На прыступках, адбойных брусах гронкамi вiселi футбольныя заўзятары. Яны вярталiся з прыгараднага стадыёна. Потым прыехалi i самi гульцы, я iх пазнаў па спартовых торбах. Яны спявалi, раўлi на ўсё горла, крычалi, што iх клуб не прайграе нiколi. Некаторыя махалi мне рукамi. Адзiн нават крыкнуў: "Далi мы iм дыхту!" Я закiваў галавой, нiбы кажучы: "Добра". Потым адзiн за адным паплылi аўтамабiлi.
Дзень усё не канчаўся. Неба над дахамi трошкi пачырванела, i за вячэрнiм прыцемкам вулiцы ажывiлiся. Людзi няспешна вяртался з пагулянак. Сярод iншых я заўважыў i таго далiкатнага пана. Дзецi плакалi, бацькi цягнулi iх за рукi. Амаль адначасова з усiх кiнатэатраў квартала на вулiцу вылiўся натоўп гледачоў. Юнакi нешта ўзбуджана паказвалi рукамi, i я падумаў, што ў кiно, вiдаць, круцiлi прыгоднiцкi фiльм. Трошкi пазней вярнулiся i тыя, хто ездзiў у горад. Гэтыя iшлi больш самавiта. Часам нехта смяяўся, але зрэдку, большасць iшлi задумлiвыя i нiбы стомленыя. Дадому нiхто не разыходзiўся, усе так i хадзiлi па ходнiках па той бок вулiцы.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|