Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 20 из 109

Дзяўчаты, з распушчанымi валасамi, гулялi парамi, трымаючы адна адну за ручку. Хлопцы нiбы незнарок заступалi iм дарогу, кiдалi нейкiя жарты, i тыя смяялiся, адварочваючы галаву. Некаторых дзяўчат я ведаў, i яны на мiгах прывiталiся са мною.

Раптам запалiлiся вулiчныя лiхтары, i першыя зоркi, якiя пачыналi ўжо мiгцець у начным небе, пабляклi. Я доўга глядзеў на ходнiкi, мiнакоў, зыркае святло лiхтароў i адчуў, што вочы ў мяне стамiлiся. Пад лiхтарамi блiшчаў вiльготны брук, праз роўныя прамежкi часу праязджалi трамваi. Яны кiдалi водблiскi святла на чыесьцi валасы, усмешку цi срэбную бранзалетку. Пасля трамваi пачалi радзець, над дрэвамi i лiхтарамi навiсла чорная ноч, i квартал непрыкметна апусцеў. Вунь ужо першая кошка павольна прабегла па зноўку бязлюднай вулiцы. Я ўспомнiў, што трэба паесцi. Доўга седзячы ў адной позе, абапершыся на бiла крэсла, я трошкi навярэдзiў сабе шыю. Я спусцiўся ў лаўку купiць хлеба i локшыны, потым згатаваў вячэру i з'еў яе стоячы. Мне захацелася папалiць каля акна, але паветра ўжо пахаладнела, i я трошкi празяб. Я зачынiў вокны i, вяртаючыся ў пакой, убачыў у люстры край стала, на якiм стаяла спiртовая лямпа. Побач ляжалi кавалкi хлеба. Вось i праляцела яшчэ адна нядзеля, падумаў я, мама цяпер у магiле, а я заўтра зноў пайду на працу. Урэшце, нiчога не змянiлася.

III

У канторы сёння давялося добра папрацаваць. Патрон быў да мяне вельмi прыязны, запытаўся, цi не надта я стомлены, i пацiкавiўся, колькi маме было год. Каб не памылiцца, я адказаў: "За шэсцьдзесят".

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]