Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
17 из 109
Фiльм быў часам забаўны, часам зусiм нейкi бязглузды. Мары падсунула сваю нагу да маёй. Я лашчыў яе грудзi i пад канец сеанса пацалаваў, але атрымалася неяк няўдала. Пасля кiно яна пайшла да мяне.
Калi я прачнуўся, Мары ўжо не было. Яна казала, што павiнна iсцi да цёткi. Я падумаў, што сёння нядзеля, i мне зрабiлася сумна: нядзелю я не люблю. Тады я перавярнуўся на ложку i, уторкнуўшыся ў падушку носам, адчуў пах марской солi, пакiнуты валасамi Мары. Я зноў заснуў i праспаў да дзесяцi гадзiн. Потым да паўдня валяўся ў ложку i палiў цыгарэты. Iсцi снедаць да Селеста, як гэта я рабiў звычайна, не хацелася. Яны там, вядома, пачнуць прыставаць да мяне з роспытамi, а я гэтага не люблю. Падсмажыў сабе яечню i з'еў проста з патэльнi, без хлеба, бо хлеб скончыўся, а iсцi ў лаўку не хацелася.
Пасля снедання - проста бадзяўся па кватэры. Было трошкi нудна. Калi мы жылi з мамай, у нас было ўтульна. А пасля мне адному кватэра зрабiлася занадта вялiкая, i я мусiў перацягнуць абедзенны стол у спальню. Так цяпер i жыву ў адным гэтым пакоi. У мяне тут стаiць некалькi праседжаных плеценых крэслаў, шафа з пажоўклым люстрам, туалетны столiк i ложак з мядзянымi булавешкамi. Рэшта ўся занядбаная.
Каб нечым заняцца, узяў старую газету, пачытаў, пагартаў. Дзеля забавы выразаў рэкламу слабiцельнай солi "Крушэн". Наклеiў яе ў старым сшытку - я ў iм збiраю розныя пацешныя рэчы з газет. Потым вымыў рукi i выйшаў на балкон.
Вокны ў маёй спальнi выходзяць на галоўную вулiцу нашага прадмесця. Дзень быў пагодны.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|