Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
18 из 109
Але брук здаваўся чамусьцi сырым. Мiнакоў было мала, i ўсе яны некуды спяшалiся. Спачатку iшлi сем'i - на шпацыр. Наперадзе - два хлопчыкi ў марацкiх гарнiтурчыках з кароткiмi штонiкамi крыху нiжэй каленяў (iм, вiдаць, было вельмi нязручна ў занадта накрухмаленай вопратцы) i дзяўчо з вялiзным ружовым бантам i ў чорных лакiраваных пантофлiках. Ззаду - дзябёлая, неабсяжная мацi ў каштанавай ядвабнай сукенцы i маленькi недалужны мужычок iх бацька, якога я, дарэчы, ведаў у твар. На iм быў пляскаты саламяны капялюш, на шыi - гальштук матыльком, у руцэ - кiёк. Калi я ўбачыў яго побач з жонкай, я адразу зразумеў, чаму ён, як кажуць у нашым квартале, такi далiкатны i выхаваны.
Крыху пазней пайшла наша тутэйшая моладзь - валасы спырснутыя лакам, чырвоны гальштук, шчыгульны, па талii пiнжак, у кiшэньцы - вышываная насоўка i модныя тупаносыя чаравiкi на нагах. Я падумаў, што яны, пэўна, сабралiся ў кiно, куды-небудзь у цэнтр. Таму i выбралiся гэтак рана i цяпер бягуць з рогатам на трамвай.
Пасля iх вулiца патроху апусцела. Сеансы i вiдовiшчы, значыць, ужо пачалiся. Акрамя катоў i крамнiкаў, вiдаць больш нiкога не было. Неба над фiкусамi, што раслi абапал вулiцы, было чыстае, хоць i не яркае. Гандляр з тытунёвай лаўкi насупраць вынес крэсла, паставiў яго каля дзвярэй i сеў, абапершыся рукамi на бiлца. Нядаўна поўныя бiтком трамваi ехалi цяпер амаль пустыя. У маленькай кавярнi "У П'еро", побач з тытунёвай лаўкай, гарсон падмятаў у бязлюднай зале падлогу, пасыпаючы яе вiльготным пiлавiннем. Сапраўды - нядзеля.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|