Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 2 из 109

I, напэўна, ад гэтага спеху i беганiны, ды пасля яшчэ - ад трасення па калдобiнах ды агiднага паху бензiну мяне размарыла, i амаль усю дарогу я праспаў. А калi прачнуўся, аказалася, што мая галава ляжыць на плячы ў нейкага вайскоўца. Той усмiхнуўся i спытаў, цi здалёк я еду. Я адказаў: "Ну", - каб болей не размаўляць.

Прытулак быў за два кiламетры ад вёскi. Я пайшоў туды пешкi. Мне хацелася адразу пабачыць маму. Але брамнiк сказаў, што спачатку трэба сустрэцца з дырэктарам. Той быў заняты, давялося трошкi пачакаць. Брамнiк увесь час нешта балбатаў, але нарэшце з'явiўся дырэктар i запрасiў мяне ў кабiнет. Гэта быў маленькi стары, са стужкай Ганаровага Легiёна ў пятлiцы. Ён зiрнуў на мяне светлымi вачыма. Потым пацiснуў руку i так доўга яе трымаў, што я ўжо не ведаў, як яе вызвалiць. Ён зiрнуў у нейкiя свае паперы i сказаў: "Панi Мёрсо прыйшла да нас тры гады таму. Вы былi яе адзiная падтрымка". Мне здалося, што ён мяне за штось папракае, i я пачаў быў тлумачыць. Але ён мяне спынiў: "Вам няма чаго апраўдвацца, мiлае дзiця. Я прачытаў дасье вашай мацi. Вы не маглi ўтрымлiваць яе. Ёй быў патрэбны догляд. А заробак у вас сцiплы. Урэшце, у нас яна была шчаслiвейшая". Я сказаў: "Праўда, пане дырэктару". Ён дадаў: "Ведаеце, у яе тут былi сябры, яе веку. I ў iх былi агульныя iнтарэсы, якiя ядналi iх з мiнулым. Вы малады, з вамi яна, мусiць, сумавала".

Ён меў рацыю. Калi мама была дома, яна ўвесь час маўчала i адно сачыла за мной вачыма. А калi апынулася ў прытулку, першыя днi часта плакала. Проста ў яе не было звычкi.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]