Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 3 из 109

Праз некалькi месяцаў яна б заплакала,каб яе з прытулку забралi. I зноў жа ад звычкi. Можа, якраз таму ўвесь апошнi год я туды амаль i не ездзiў. Дый гэта пазбаўляла б мяне нядзелi - я ўжо не кажу пра пакуты з паездкай на аўтобусе: спачатку купi бiлеты, а пасля трасiся дзве гадзiны.

Дырэктар нешта яшчэ гаварыў. Але я ўжо яго амаль не слухаў. Нарэшце ён сказаў: "Я думаю, вы хочаце ўбачыць мацi". Я моўчкi ўстаў, i ён прайшоў наперад да дзвярэй. На лесвiцы ён пачаў тлумачыць: "Мы перанеслi яе ў нашу маленькую трупярню. Каб не траўмаваць iншых. Кожны раз, як у прытулку нехта памiрае, усе астатнiя пачынаюць нервавацца, i потым два-тры днi iх не супакоiш. Нам гэта ўскладняе працу". Мы прайшлi праз двор, там было шмат старых, якiя гаманiлi, разбiўшыся на гурткi. Калi мы праходзiлi побач, гамонка зацiхала. А потым, у нас за спiнай, узнiкала зноў. Было падобна да прыглушанага сакатання чародкi папугайчыкаў. Каля дзвярэй невялiкага будынка дырэктар развiтаўся: "Пакiдаю вас аднаго, пане Мёрсо. Калi я вам спатрэблюся, я ў сябе ў кабiнеце. Ну а ўвогуле, пахаванне заўтра а дзесятай гадзiне ранiцы. Мы падумалi, што такiм чынам у вас будзе досыць часу пасядзець каля нябожчыцы. I апошняе: ваша мацi, здаецца, часта казала сваiм прыяцелям па прытулку, што хоча быць пахаванай згодна з рэлiгiйным абрадам. Я ўжо загадаў зрабiць усё, што трэба. Але лiчу сваiм абавязкам вам пра гэта паведамiць". Я падзякаваў. Праўда, мама, хоць i не была бязбожнiца, пры жыццi нiколi не думала пра рэлiгiю.

Я ўвайшоў. Пакой быў вельмi светлы, пабелены глiнкай, з зашклёнаю столлю.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]