Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
30 из 109
Калi плывеш, трэба з самага грэбеня хвалi ўхапiць глыток i набраць поўны рот шуму, а пасля - легчы на спiну i выпусцiць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пенiстым веерам у паветры i знiкае цi спадае цёплай iмжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы i на языку зрабiлася горка ад марской солi. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскалiся на хвалях.
Потым выйшлi на пляж i апранулiся. Мары глядзела на мяне блiскучымi вачыма. Я абняў i пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялi. Я прыцiснуў яе да сябе, i мы заспяшалiся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсцi да мяне i кiнуцца ў ложак. Я пакiнуў акно адчыненае, i было прыемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам целы.
Ранкам Мары засталася ў мяне, i я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзiў у лаўку па мяса i, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, якi бэсцiў сабаку, i мы пачулi, як па драўняных прыступках на лесвiцы прагрукаталi яго абцасы i сабачыя пазуры. Знiзу зноў данеслася: "Свалата, падла", - i яны выйшлi на вулiцу. Я расказаў Мары пра старога, i яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй пiжаме з падкасанымi рукавамi. I калi яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, цi кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае нiякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў.
|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|