Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 28 из 109

А пасля, калi яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак i "якраз у той самы момант" плюне ёй у твар i выганiць прэч. Я палiчыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласцi такога лiста, таму ён i падумаў - можа, я згаджуся напiсаць. Я нiчога не адказаў, i ён прапанаваў тады напiсаць гэты лiст цяпер. Вядома, калi мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка. Тады ён выпiў шклянку вiна, устаў, адсунуў талеркi i рэшткi астылай крывянкi, якую мы не даелi, i старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным столiку лiсток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку i кантовую бутэлечку з фiялетавым чарнiлам. Ён назваў прозвiшча жанчыны, i я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пiсаць. Пiсаў я трошкi наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася - у мяне ж не было нiякай прычыны пiсаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напiсанае ўголас. Ён уважлiва слухаў, палiў i кiваў галавой, потым папрасiў прачытаць яшчэ раз. Лiст яму вельмi спадабаўся, i ён сказаў:

- Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны.

Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на "ты". I толькi калi ён заявiў: "Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар", - мяне гэта ўразiла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, i я адказаў: "Ага". Мне было ўсё роўна, сябар я яму цi не, але яму, вiдаць, вельмi гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, i мы дапiлi вiно. Потым яшчэ доўга сядзелi i палiлi. На дварэ было цiха, пачуўся шолах аўтамабiля, якi праехаў пад вокнамi. I я сказаў: "Позна". Раймон пагадзiўся.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]