Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 32 из 109



Дзяўчына ўвесь гэты час плакала i паўтарала:

- Ён мяне набiў. Ён сутэнёр.

- Пане палiцэйскi, - папытаўся тады Раймон, - цi ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам?

Палiцэйскi загадаў яму "заткнуць зяпу". Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны i сказаў:

- Ну, чакай, дзiцятка, мы яшчэ стрэнемся.

Палiцэйскi зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, i сказаў, што дзяўчына можа iсцi, а Раймон мусiць заставацца ў пакоi i чакаць, пакуль яго паклiчуць у камiсарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павiнна быць сорамна - да таго напiўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў:

- Я не п'яны, пане палiцэйскi. Гэта проста перад вамi, ад нерваў, тут хочаш - не хочаш, задрыжыш.

Ён зачынiў дзверы, i ўсе разышлiся. Мы з Мары кончылi гатаваць сняданак. Але яна есцi не хацела, i я амаль усё з'еў адзiн. А першай гадзiне яна пайшла, i я крыху паспаў.

Гадзiне а трэцяй у дзверы да мяне нехта пастукаўся. Увайшоў Раймон. Я яшчэ ляжаў, i ён падышоў i сеў на край ложка. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i я папытаўся, як у яго прайшло. Ён расказаў, што зрабiў усё так, як задумаў, але пад канец яна дала яму поўху, i ён за гэта яе пабiў. Рэшту ж усё я бачыў сам. Я сказаў, што цяпер, па-мойму, яна пакараная i ён можа быць спакойны. Раймон пагадзiўся. Ён заўважыў, што палiцэйскi цяпер дарма стараецца - дыхту яна дастала, i нiчога ён ужо не зменiць. I дадаў, што палiцэйскiх ён добра вывучыў i ведае, як сябе з iмi паводзiць. Потым ён запытаўся - мабыць, я чакаў, што ён адкажа палiцэйскаму на поўху.

|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]