Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 34 из 109

А як сабраўся пайсцi, глянь, а яго ўжо i след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купiць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ.

Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзiўся i яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькi выпадкаў, калi сабакi прабягалi дзясяткi кiламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоiўся:

- Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там - каму ён са сваiмi шолудзямi патрэбен, усе гiдзiцца будуць. Сцапаюць гiцлi - вось i ўсё.

Тады я сказаў, што яму варта схадзiць на скуралупню - заплацiць там штраф за паслугi, i сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся - цi вялiкi трэба плацiць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзiўся:

- Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее!

Ён зноў пачаў лаяцца. Раймон засмяяўся i пайшоў у дом. Я рушыў следам, i на лесвiчнай пляцоўцы мы развiталiся. Праз хвiлiну пачулiся крокi старога. Ён падышоў да маiх дзвярэй i пастукаўся. Я адчынiў. Стары крыху памуляўся каля парога i сказаў:

- Прабачце... прабачце, калi ласка...

Я запрасiў яго зайсцi, але ён не захацеў. Ён стаяў у дзвярах i глядзеў на наскi сваiх чаравiкаў, яго шалудзiвыя рукi дрыжалi. Не падымаючы галавы, ён спытаў:

- Скажыце, пане Мёрсо, яны ж не забяруць яго ў мяне? Яны ж яго аддадуць? Бо як жа я, што ж мне без яго?

Я сказаў, што на скуралупнi сабак трымаюць тры днi - на выпадак, калi знойдзецца гаспадар, а тады ўжо робяць з iмi ўсё, што захочуць.

|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]