Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
33 из 109
Я адказаў, што нiчога такога не чакаў i наогул палiцэйскiх не люблю. Раймон, вiдаць, быў гэтым вельмi задаволены. Ён прапанаваў куды-небудзь схадзiць. Я падняўся i пачаў прычэсвацца. Ён сказаў, што трэба, каб я быў яму сведкам. Мне было ўсё роўна, але я не ведаў, што павiнен буду сказаць. На думку Раймона, досыць было пацвердзiць, што дзяўчына яго ашукала. Тады я згадзiўся.
Мы выйшлi, у кавярнi Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкi. Потым яму захацелася згуляць партыю ў бiльярд, але я пудлаваў увесь час i прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсцi ў бардэль, але я адмовiўся, бо не люблю такiх рэчаў. Мы пацiху пайшлi назад, i ён увесь час расказваў, якi ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставiўся да мяне вельмi прыязна, i я падумаў, што мы някепска прабавiлi час.
Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаiць стары Саламано i выгляд у яго нейкi ўзрушаны. Калi мы падышлi блiжэй, я ўбачыў, што ён без сабакi. Ён азiраўся вакол, круцiўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы i зноў пачынаў шнарыць па вулiцы пачырванелымi вочкамi. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нiчога не адказаў. I я толькi цьмяна пачуў, як ён шапнуў: "Свалата, падла", - i зноў пачаў круцiцца ва ўсе бакi. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў:
- Уцёк! - i раптам скорагаворкай забалбатаў: - Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кiрмаш, балаганы з артыстамi прыехалi. Ну, спынiўся я - паглядзець "Караля-ўцекача".
|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|