Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
39 из 109
На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасiў яго зайсцi, i ён сказаў, што яго сабака згубiўся, бо на скуралупнi яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалi, што ён, вiдаць, трапiў пад машыну. Стары запытаўся, цi можна пра гэта даведацца ў камiсарыяце, але яму адказалi, што такiя звесткi не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная i здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе iншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, i, вядома, меў рацыю.
Я залез з нагамi на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, i паклаў рукi на каленi. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якiя вязлi ў яго пажоўклых вусах. З iм было трошкi нудна, але рабiць усё роўна не было чаго i спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерцi. Жанiўся ён даволi позна. А ў маладосцi марыў працаваць у тэатры: калi служыў у войску, прымаў удзел у вадэвiлях, што ставiлiся ў iх палку. Але нарэшце - пайшоў на чыгунку i не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялiкая пенсiя. З жонкай ён шчаслiвы не быў, але ўрэшце вельмi прывык да яе. I калi яна памерла, адчуў сябе зусiм самотным. Тады ён i папрасiў аднаго прыяцеля па працы прынесцi яму сабаку. Той прынёс зусiм малое шчаня, яго трэба было кармiць з соскi. Але сабакi жывуць меней за чалавека, i яны састарэлi разам.
- Характар быў у яго кепскi, - сказаў Саламано. - Гыркалiся мы з iм часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|