Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 41 из 109

Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нiбы ўпотай працягнуў мне руку, i я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i на развiтанне сказаў:

- Спадзяюся, што сёння ноччу сабакi брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой.

VI

У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, i Мары давялося мяне тармасiць i крычаць у самае вуха. Есцi мы не сталi - хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзiне ў мяне было абсалютна пуста, крыху балела галава. Цыгарэта здалася горкай. Мары пакпiла з мяне - выглядаю, маўляў, "нiбы на хаўтурах". Яна была з распушчанымi валасамi, у белай палатнянай сукенцы. Я сказаў, што яна вельмi прыгожая, i яна засмяялася ад задавальнення.

Мы выйшлi i пастукалiся да Раймона. Ён адказаў, што зараз выходзiць. На вулiцы - вiдаць, ад стомы i ад таго, што аканiцы ўсю ранiцу былi зачыненыя, зыркае сонечнае святло балюча ўдарыла мяне ў вочы. Мары скакала ад радасцi i ўвесь час хвалiла надвор'е. Я пачуў сябе лепей i адразу заўважыў, што хачу есцi. Я сказаў пра гэта Мары, але яна паказала мне сваю цыратовую торбу, у якой ляжалi толькi нашы купальныя гарнiтуры i ручнiк. Рабiць не было чаго, заставалася адно чакаць, i нарэшце мы пачулi, як Раймон зачыняе дзверы. Ён быў у сiнiх нагавiцах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. На галаве ў яго быў саламяны брыль, i гэта рассмяшыла Мары. Рукi ў Раймона да локцяў аказалiся надзiва белыя, з чорнымi валасамi. Калi я гэта ўбачыў, мне зрабiлася крыху брыдка. Спускаючыся па прыступках, ён свiстаў, i выгляд у яго быў задаволены. Ён павiтаўся: "Здароў, стары!" - i назваў Мары "паненкай".

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]