Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
37 из 109
Дарэчы, яна сама мяне пра гэта просiць, а я толькi згаджаюся. Тады яна заўважыла, што шлюб - сур'ёзная справа. Я адказаў: "Не". Яна сцiхла i нейкую хвiлiну моўчкi глядзела на мяне. Потым загаварыла зноў. Ёй проста было цiкава, цi згадзiўся б я ажанiцца, каб мне тое самае прапанавала другая жанчына, з якой бы ў мяне былi такiя ж адносiны, як i з ёй. Я сказаў: "Натуральна". Тады яна заявiла, што i сама не ўцямiць - кахае яна мяне цi не, але гэтага я ўжо наогул ведаць не мог. Яна зноў змоўкла i потым прамовiла цiхiм голасам, што я нейкi дзiўны i за гэта яна мяне, безумоўна, вельмi кахае - але, мабыць, некалi менавiта праз гэта я ёй i абрыдну. Я маўчаў, бо дадаць не было чаго, а яна, усмiхаючыся, абняла мяне i заявiла, што хоча выйсцi за мяне замуж. Я адказаў, што мы зробiм гэта, як толькi яна захоча. I расказаў ёй пра прапанову патрона. Мары сказала, што ёй бы вельмi хацелася ўбачыць Парыж, i я паведамiў, што ўжо некалi жыў там. Яна спыталася, як ён выглядае. Я адказаў:
- Там брудна. Галубы паўсюль, двары змрочныя. I людзi нейкiя бледныя.
Потым мы пайшлi гуляць у цэнтр i прайшлi праз увесь горад. Было шмат прыгожых жанчын, i я папытаўся ў Мары, цi бачыць яна гэта. Яна сказала, што бачыць i разумее мяне. Потым мы пэўны час iшлi моўчкi. Але мне хацелася, каб Мары засталася са мной яшчэ, i я сказаў, што мы можам паабедаць у Селеста. Увогуле, яна не адмаўлялася, але, на жаль, мела нейкiя справы. Мы былi ўжо каля майго дома, i я развiтаўся.
|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|