Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 42 из 109



Напярэдаднi мы хадзiлi ў камiсарыят, i я засведчыў, што тая дзяўчына "ашукала" Раймона. Ён абышоўся папярэджаннем. Мае паказаннi правяраць не сталi. Каля дзвярэй мы з Раймонам яшчэ крыху пагутарылi пра гэта i потым вырашылi пайсцi на аўтобус. "Пляж не далёка, але так будзе хутчэй". Раймон сказаў, што яго сябар вельмi парадуецца, калi мы прыедзем рана. Мы ўжо хацелi iсцi на прыпынак, калi Раймон зрабiў мне знак i паказаў на той бок вулiцы. Я ўбачыў гурток арабаў. Яны стаялi, абапершыся спiнай на вiтрыну тытунёвай лаўкi, i глядзелi на нас - але так, нiбы мы былi нi больш нi менш як звычайныя камянi цi драўляныя цурбалкi. Раймон сказаў, што другi злева - той самы тып. Выгляд у яго зрабiўся заклапочаны. "Зрэшты, - дадаў ён, - цяпер з гэтым ужо кончана". Мары не надта разумела, пра што iдзе гутарка, i спытала, чаму мы стаiм. Я растлумачыў, што тыя арабы маюць на Раймона зуб. Тады яна сказала, што адсюль трэба хутчэй iсцi. Раймон ганарлiва выпрастаўся, але потым засмяяўся i сказаў, што сапраўды трэба спяшацца.

Мы рушылi да аўтобуснага прыпынку, якi быў побач, i Раймон сказаў, што арабы за намi не пайшлi. Я зiрнуў цераз плячо. Арабы стаялi на ранейшым месцы i глядзелi туды, дзе толькi што стаялi мы. Мы селi ў аўтобус. Раймон, якому, вiдаць, адразу палегчала, пачаў жартаваць з Мары. Я адчуў, што яна яму падабаецца. Але на Раймонавы жарты яна не адказвала. Адно зрэдку пазiрала на яго ды пасмейвалася.

За горадам мы выйшлi. Пляж быў непадалёк ад прыпынку.

|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]