Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
44 из 109
Яго жонка, сапраўды, ужо смяялася i балбатала пра нешта з Мары. I мабыць, першы раз я ясна ўсвядомiў, што хутка ажанюся.
Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы i Раймону не захацелася. Мы пайшлi ўтраiх, i Мары адразу кiнулася ў ваду. Мы з Масонам трошкi пачакалi. Ён гаварыў марудна, i я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: "i я нават болей скажу", - нават тады, калi нiчога новага ён, па сутнасцi, не дадае. Пра Мары ён сказаў:
- Яна вельмi прывабная, i я нават болей скажу - проста чароўная.
Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзiвотную прыказку i ўсю ўвагу засяродзiў на сонечных прамянях, якiя прыемна песцiлi маё цела. Пясок пад нагамi пачынаў пячы. Мне вельмi хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў i нарэшце сказаў Масону:
- Ну што, пайшлi?
Я даў нырца, а ён паволi зайшоў у ваду i паплыў толькi тады, калi ногi ўжо не даставалi да дна. Плыў ён брасам, даволi кепска, i таму я пакiнуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, i плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарвалiся ад Масона, i нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў i рухаў.
Далёка ў моры мы леглi на спiну, я глядзеў на неба, i сонца хутка сушыла апошнiя пырскi, якiя збягалi мне ў рот. Мы ўбачылi, што Масон вярнуўся на пляж i лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялiзным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзiўся ззаду, узяў яе за талiю, i мы паплылi: яна рукамi рассоўвала хвалi, а я дапамагаў ёй нагамi. У ранiшнiм паветры вакол нас чуўся цiхi плёскат вады.
|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|