Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
45 из 109
Але я ўрэшце стамiўся, пакiнуў Мары i паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамi i дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот i прыцiснуўся шчакой да пяску. "Хораша", - сказаў я, i ён пагадзiўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся i глядзеў, як яна наблiжаецца да нас. Яе цела блiшчала ад салёнай марской вады, валасы былi адкiнутыя назад. Яна легла побач са мной, i ад цеплынi яе цела i сонца я задрамаў.
Мары патрэсла мяне за плячо i сказала, што Масон ужо пайшоў i нам таксама трэба iсцi: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмi галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ нi разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, i, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.
- Хадзi ў ваду, - сказала яна.
Мы пабеглi да берага i плёхнулiся ў першыя маленькiя хвалi. Потым адплылi крыху яшчэ, i Мары прытулiлася да мяне ўсiм целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногi сваiмi, i ўва мне запалiлася жаданне.
Калi мы падыходзiлi да хаты, Масон ужо выйшаў нас клiкаць. Я сказаў, што вельмi хачу есцi, i ён адразу заявiў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, i я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслi мяса са смажанай бульбай. Усе елi моўчкi. Масон раз-пораз адпiваў вiно i безупынку падлiваў мне. Калi прынеслi каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа палiў. Мы з Масонам i Раймонам дамовiлiся ўвесь жнiвень правесцi тут - будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:
- А вы ведаеце, якi час? Яшчэ толькi палова на дванаццатую.
|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|