Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 48 из 109



Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар - ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсцi да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялi яго пад рукi i як мага хутчэй павялi ў Масонаву хату. Там Раймон заявiў, што раны ў яго неглыбокiя i ён сам можа iсцi да лекара. Яны з Масонам пайшлi, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Панi Масон плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць iм усё гэта. I нарэшце я змоўк, запалiў цыгарэту i пачаў глядзець на мора.

А палове другой Раймон з Масонам вярнулiся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нiчога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся i потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся - куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявiлi, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускiпеў i пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць - няхай сабе iдзе. Але я ўсё ж пайшоў за iм.

Мы доўга iшлi па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промнi секлiся джгучымi стрэмкамi па пяску i па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды iдзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалi да маленькай крынiчкi, якая выбiвалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылi тых двух арабаў. Яны ляжалi на зямлi ў сваiх зашмальцаваных сiнiх робах.

|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]