Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 49 из 109

Выгляд у iх быў абсалютна спакойны i нават нiбы задаволены. Калi мы падышлi, у паводзiнах у iх нiчога не змянiлася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкi глядзеў на яго. Другi найграваў на былiнцы трыснёгу i скоса пазiраў на нас, увесь час выцiнаючы з дудкi адны i тыя ж ноты, на якiя яна была здольная.

Пэўны час наўкол былi толькi сонца i цiшыня, якая парушалася адно цурчаннем крынiчкi i трыма ноткамi трысняговае дудкi. Потым Раймон сунуў руку ў кiшэню i дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, i яны па-ранейшаму ўзiралiся адзiн у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, якi граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмi шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў:

- Што, уходаць яго?

Я падумаў, што калi скажу не, ён толькi яшчэ больш распалiцца i тады ўжо пэўна стрэлiць. Я прамовiў:

- Ён яшчэ нiчога не сказаў. Стрэлiць проста так было б, па-мойму, подла.

Скрозь спёку i цiшыню да мяне зноў даляцеў шолах вады i дудкi. Потым Раймон сказаў:

- Тады я зараз зняважу яго, а калi ён адкажа - прыб'ю.

Я адказаў:

- Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта.

Раймон пачаў патроху распаляцца. Другi араб усё найграваў, але абодва яны пiльна сачылi за кожным Раймонавым рухам.

- Не, - сказаў я Раймону. - Лепш сыдзiся з iм сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калi другi сунецца цi гэты выцягне нож, я яго палажу.

Раймон перадаў рэвальвер мне, i сонечны промень блiснуў на яго гладкай паверхнi. Мы па-ранейшаму стаялi нерухома, нiбы ўвесь свет самкнуўся вакол нас.

|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]