Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 50 из 109

Не зводзячы вачэй з арабаў, мы пазiралi на iх, яны - на нас. I ўсё, здавалася, цяпер застыла - мора, сонца, пясок, падвойная цiшыня дудкi i ручая. У гэтую хвiлiну я падумаў, што, можа давядзецца стрэлiць, а можа, i не давядзецца - якая рознiца. Але арабы раптам падалiся назад i шмыгнулi за скалу. Тады мы з Раймонам павярнулiся i пайшлi дахаты. Яму нiбыта палегчала, i ён сказаў, што трэба iсцi на аўтобус i вяртацца ў горад.

Я правёў яго да Масонавага катушка, i ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнiзе: у галаве ўжо гуло ад спёкi, i ў мяне не было нiякай сiлы адолець тыя некалькi прыступак ды пасля яшчэ гаманiць з жанчынамi. Але сквар быў такi, што стаяць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, якi шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы цi хадзiць было ўсё роўна. Я пастаяў хвiлiну, потым павярнуўся i пайшоў на пляж.

Гэтаксама блiшчаў да чырванi распалены пясок. Нiбы ў задышцы, мора лiзала бераг языком сваiх шпаркiх кароткiх хвалек. Я паволi iшоў да скал i адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыцiскала мяне да зямлi, не пускала далей. Яе задушлiвы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцiнаў зубы, сцiскаў кулакi ў кiшэнях, напружваўся ўсiм целам, каб перамагчы бязлiтаснае сонца i п'яную затлуму, што агортвала мяне з усiх бакоў, i iшоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавiнка цi асколак шкла кiдалi ў мяне балючыя дзiды святла, i мае скiвiцы яшчэ больш сцiскалiся. Я iшоў доўга.

Воддаль паказалася цёмная велiч скалы, вакол яе зiхцела зыркае кола святла i вадзянога пылу.

|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]