Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 51 из 109

Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынiчка. I мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсцi нарэшце цень i адпачынак. Аднак, калi я падышоў блiжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснiк iзноў ляжыць там.

Ён быў адзiн. Ён ляжаў на спiне, сунуўшы рукi пад голаў, тварам у ценю i ўсiм целам на сонцы. Над сiняю робай ад спёкi ўздымалася пара. Я крыху здiвiўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, i калi iшоў сюды, да крынiцы, зусiм пра гэта не думаў.

Калi ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся i сунуў руку ў кiшэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, якi ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкiнуўся на спiну, але рукi з кiшэнi не выняў. Я быў ад яго даволi далёка, метраў, мусiць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазiрае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекi. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналi скакаць прад маiмi вачыма ў гарачым паветры. Хвалi плёскалiся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўднi. Вакол былi ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены блiскучы пясок. Вось ужо дзве гадзiны, як дзень застыў, не маючы сiлы зрушыць далей, дзве гадзiны, як ён кiнуў якар у неабсяжным акiяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, i краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.

Я падумаў, што варта мне толькi павярнуцца i пайсцi, i ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпiўся за мною, дрыжаў на сонцы i не пускаў назад. Я ступiў некалькi крокаў да крынiцы. Араб не варухнуўся.

|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]