Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 62 из 109

Я ўвайшоў у вельмi шырокую залу з вялiзным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкi ў краты рассякалi пакой на тры часткi. Пустая прастора, шырынёй метраў восем цi дзесяць, аддзяляла наведнiкаў ад арыштантаў. Насупраць узнiкла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар i паласатую сукенку. Побач са мной у пакоi стаялi яшчэ некалькi вязняў, чалавек дзесяць, большасць былi арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былi арабкi: з аднаго - сцiснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсiм чорным, з другога - тоўстая кабета з распушчанымi валасамi, яна ўвесь час нешта моцна крычала i размахвала рукамi. З-за вялiкай адлегласцi памiж адгародкамi ўсiм, хто быў у зале, даводзiлася размаўляць вельмi гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працiнала шыбы, i гуд галасоў адбiвалiся ад голых сцен i мацнелi яшчэ больш. Калi я зайшоў, у мяне нават закруцiлася ў галаве. У камеры было намнога цямней i спакайней. I каб асвойтацца, мне спатрэбiўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калiдора памiж адгародкамi на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў i iх крэўныя масцiлiся на кукiшках адзiн насупраць аднаго. Гэтыя не крычалi. Нягледзячы на страшэнны гармiдар, iм неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Iх цiхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавiтага фону для хору тых гучных поклiчаў, што гучалi над iх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль iшоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў i з усяе сiлы намагалася ўсмiхнуцца.

|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]