Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
61 из 109
II
Ёсць рэчы, пра якiя мне нiколi не падабалася гаварыць. I калi я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькi дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна.
Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агiды. Але першыя днi я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я - у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца i ўсё пойдзе iнакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькi пасля першага i адзiнага наведвання Мары. З таго дня, калi я атрымаў яе лiст (а яна пiсала, што прыходзiць ёй больш не дазваляюць, бо яна мне не жонка), з таго самага дня я адчуў, што камера i ёсць мой дом i ўсё маё жыццё канчаецца тут. Спачатку, адразу пасля арышту, мяне пасадзiлi ў памяшканне, дзе ўжо было некалькi вязняў, больш - арабаў. Яны сустрэлi мяне рогатам. I пасля папыталiся, што я зрабiў. Я адказаў, што забiў араба, тады яны сцiхлi. Але хутка настаў вечар, i яны растлумачылi, як лепей складаць цыноўку, на якой тут даводзiлася спаць. Адзiн край трэба было скруцiць, i тады атрымлiвалася нешта накшталт падушкi. Усю ноч па маiм твары поўзалi клапы. Але праз некалькi дзён мяне перавялi ў адзiночку, i тут я спаў на драўняным ложку. У мяне была параша i бляшаная мiса. Турма ўзвышалася над горадам, i праз маленькае акенца ў камеры можна было ўбачыць мора. Аднойчы, калi я, ухапiўшыся за краты, лавiў тварам сонечныя прамянi, увайшоў наглядчык. Ён сказаў, што да мяне прыйшлi. Я падумаў, што гэта, вiдаць, Мары. I гэта сапраўды была яна.
У пакой для спатканняў мяне вялi па доўгiм калiдоры, пасля па лесвiцы i, нарэшце, зноў па калiдоры.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|