Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
63 из 109
Яна мне здалася вельмi прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага.
- Ну што? - голасна крыкнула яна.
- Як бачыш, вось так.
- Табе нiчога не трэба, у цябе ўсё добра?
- Так, усё.
Мы змоўклi. Мары ўсё ўсмiхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымi вачыма. Вiдаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалi яшчэ да майго прыходу.
- Жана не захацела яго ўзяць, - на ўсё горла крычала кабета.
- Ну, ну, - адказваў муж.
- Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела.
Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывiтанне, i я адказаў: "Дзякуй". Але мяне перабiў сусед, якi пытаўся, "як у яго са здароўем". Яго жонка засмяялася i адказала, што "лепей ён сябе нiколi не адчуваў". Сусед справа, невысокi юнак з тонкiмi рукамi, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пiльна ўзiралiся адно ў аднаго. Але паназiраць за iмi яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула:
- Трэба не трацiць надзеi.
I я адказаў:
- Ага.
Я глядзеў на яе, i мне хацелася сцiснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую i лёгкую тканiну, i я не ведаў, цi можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усмiхалася. I я ўжо не бачыў нiчога, апроч бляску яе беласнежных зубоў i вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула:
- Ты выйдзеш, i мы пажэнiмся!
- Ты так думаеш? - адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|