Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
69 из 109
Я, вядома, чытаў некалi, што ў турме паняцце часу знiкае. Але тады я не бачыў у гэтым вялiкага сэнсу. Я не разумеў, якiм гэта чынам дзень можа быць адначасна кароткi i доўгi. Зразумела, ён быў доўгi - бо доўга было яго перажыць, але нарэшце ўсе яны расцягвалiся настолькi, што пачыналi наплываць адзiн на адзiн, зблытвалiся i гублялi сваё iмя i твой твар. Толькi словы "ўчора" i "заўтра" не страцiлi яшчэ свайго сэнсу.
Аднойчы наглядчык сказаў, што я сяджу тут ужо пяць месяцаў, i я паверыў, але ўцямiць не змог. Для мяне ўсё гэта быў адзiн дзень, ён хваляю набягаў у маю камеру i адыходзiў, нiбыта прыбой, i мэта ўвесь час у мяне была адна. Калi наглядчык пайшоў, я ўзяў бляшаную мiсу i зiрнуў на свой твар. Мне падалося, што ён застаецца сур'ёзны нават тады, калi я стараюся яму ўсмiхнуцца. Я пачаў круцiць мiсу ў розныя бакi, я трос яе. Я ўсмiхаўся, але адбiтак глядзеў на мяне па-ранейшаму змрочна i сумна. Дзень канчаўся, i гэта быў той час, пра якi я не хачу гаварыць, час без iмя, калi астатнiя вячэрнiя гукi ўздымаюцца з усiх паверхаў турмы, каб хутка ацiхнуць, пакiнуўшы ўладу цiшынi. Я падышоў да акенца i ў апошнiх водблiсках шэрага святла зноў зiрнуў на адбiтак. Ён быў гэткi ж сур'ёзны, i што тут дзiвiцца, калi цяпер i я быў такi? Але раптам, першы раз за доўгiя месяцы, я выразна пачуў свой голас. Ну але, гэта ён гучаў у маiх вушах усе гэтыя днi, i я зразумеў, што ўвесь гэты час я гутарыў сам з сабою. Тады я прыгадаў, што сказала сядзелка на мамiным пахаваннi. Праўда, выйсця не было, i нiхто не здольны ўявiць, што такое вечар у турме.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|