Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 70 из 109



III

Можна сказаць, што, увогуле, адно лета вельмi хутка змянiлася новым. Я ведаў, што з прыходам спёкi ў маiм жыццi нешта пераменiцца. Мая справа была вынесена на апошнюю сесiю суда, якая мелася скончыцца ў чэрвенi. Калi працэс адкрыўся, на двары ўсё зiхцела ад сонца. Адвакат запэўнiў мяне, што ўсё зойме не больш як два цi тры днi.

- Суд не будзе марудзiць з вашаю справай, - сказаў ён, - яна не сама важная ў сесii. Адразу пасля вас будзе хлопец, якi забiў свайго бацьку.

А палове восьмай ранiцы па мяне прыйшлi, пасадзiлi ў турэмную машыну i завезлi ў Палац правасуддзя. Два жандары правялi мяне ў невялiчкi пакой, дзе пахла вiльготнай цемрай. Мы селi i пачалi чакаць, з-за дзвярэй даносiлiся галасы, крыкi, соўганне крэслаў, нейкая валтузня, i мне адразу падумалася пра вясковае свята, калi ў зале пасля канцэрта ўсё прыбiраюць, каб наладзiць скокi. Жандары сказалi, што трэба чакаць, калi пачнецца паседжанне, i адзiн прапанаваў мне цыгарэту, але я адмовiўся. Крыху пасля той спытаў:

- Дрэйфiш?

Я адказаў - не. Мне, у пэўным сэнсе, нават цiкава зiрнуць на працэс. Такой магчымасцi ў мяне яшчэ не было.

- Праўда, - азваўся другi жандар, - але з часам гэта пачынае абрыдаць.

Праз некаторы час у пакоi пачуўся кароткi званок. З мяне знялi кайданкi. Дзверы адчынiлiся, i мяне правялi за перагародку для падсудных. Зала была набiта бiтком. Скрозь захiнутыя шторы сям-там прабiвалася сонца, паветра было задушлiвае. Шыбаў не адчынялi. Я сеў, з абодвух бакоў мяне абступiлi жандары.

|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]