Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
71 из 109
У гэту хвiлiну я заўважыў насупраць шэраг твараў. Усе яны глядзелi на мяне, i я зразумеў, што гэта прысяжныя. Па-мойму, яны нiчым не адрознiвалiся адзiн ад аднаго. У мяне тады ўзнiкла ўражанне, быццам я зайшоў у трамвай, i тыя, хто ў iм ужо ехаў, утаропiлiся на новага пасажыра, нiбы хацелi знайсцi ў iм нешта пацешнае. Я разумею, што гэта бязглуздая думка, - яны тут шукалi не пацешнага, яны прыйшлi дзеля злачынства. Але ўсё роўна - невялiкая рознiца; прынамсi, мне так падумалася тады.
Мяне прыгнятала гэтае скопiшча людзей у зачыненай з усiх бакоў задушлiвай зале. Я паўзiраўся вакол, але не здолеў разгледзець нiводнага твару. Спачатку, вiдаць, да мяне яшчэ не даходзiла, што ўвесь гэты люд прыйшоў, каб убачыць мяне. Звычайна нiхто не цiкавiўся маёю асобай. I мне давялося зрабiць намаганне, раней чым я ўсвядомiў, што ўся гэтая ажытацыя - праз мяне. Тады я сказаў жандару:
- Ну i народу!
Ён адказаў, што ўсё гэта з-за газет, i паказаў на гурт людзей, якiя тоўпiлiся вакол стала побач з лавай прысяжных.
- Вунь яны.
Я запытаўся:
- Хто?
Тады ён паўтарыў:
- Газетчыкi.
Ён ведаў аднаго журналiста, i той якраз заўважыў яго i накiраваўся да нас. Гэта быў пажылы сiмпатычны чалавек з крыху маршчынiстым тварам. Ён горача павiтаўся з жандарам за руку. I тады я заўважыў, што ўсе вакол таксама пацiскаюць адзiн аднаму рукi, аклiкаюць знаёмых, гутараць, - нiбы ў нейкiм клубе, дзе ўсе ведаюць адзiн аднаго i рады сустрэчы з людзьмi свайго кола.
|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|