Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
73 из 109
Судовы выканаўца абвясцiў:
- Суд iдзе.
I адначасова пад столлю загулi два вялiзныя вентылятары, а ў дзвярах узнiклi тры суддзi - два ў чорным, трэцi ў чырвоным. Пад пахай у кожнага тырчала папка. Яны вельмi хутка прайшлi да трыбуны, якая ўзвышалася над усёй залай, i селi. Той, што быў у чырвонай мантыi, сеў пасярэдзiне. Ён зняў сваю квадратную шапачку i, абцершы насоўкаю вузкi голы чэрап, абвясцiў, што слуханне справы адкрыта.
Журналiсты ўжо трымалi ручкi напагатоў. Ва ўсiх быў аднолькавы - абыякавы i крыху кплiвы выгляд. Праўда, адзiн, многа маладзейшы за астатнiх, у шэрым фланелевым гарнiтуры i сiнiм гальштуку, паклаў сваю ручку на стол i пазiраў на мяне. На яго трошкi перакошаным твары я не ўбачыў нiчога, апроч двух вялiкiх i вельмi светлых вачэй, якiя ўтаропiлiся на мяне без усялякага пэўнага пачуцця. У мяне ўзнiкла ўражанне, нiбыта я сам гляджу на сябе. Напэўна, ад гэтага дзiўнага ўражання i ад таго, што я проста не ведаў тутэйшых звычаяў, я не зусiм добра зразумеў, што адбылося пасля: лёсаваннем выбралi прысяжных, старшыня задаў некалькi пытанняў адвакату, пракурор - засядацелям (кожны раз галовы прысяжных усе разам паварочвалiся да суддзяў), потым хутка прачыталi абвiнаваўчы акт, у якiм я пачуў знаёмыя мне назвы мясцiн i iмёны людзей, i задалi яшчэ некалькi пытанняў адвакату.
Нарэшце старшыня сказаў, што суд пераходзiць да допыту сведак. Судовы выканаўца пачаў называць прозвiшчы, якiя прыцягнулi маю ўвагу.
|< Пред. 71 72 73 74 75 След. >|