Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
80 из 109
Цi заўважыў ён, што я - чалавекнегаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў:
- Гэтыя дробязi датычацца толькi нас.
Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў.
- Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце!
Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:
- Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.
Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся i сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схiлiўшыся наперад, i, абапiраючыся локцямi на каленi, камячыў у руках панаму i слухаў прамовы астатнiх. Увайшла Мары.
|< Пред. 78 79 80 81 82 След. >|