Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
81 из 109
На ёй быў капялюшык, якi вельмi ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калi валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккi выгiн яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую нiжнюю губку. Было вiдаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталi, калi яна са мной пазнаёмiлася. I яна назвала той час, калi працавала ў канторы. Старшыня пацiкавiўся, у якiх яна са мною адносiнах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збiралася выйсцi за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калi пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нiбы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамiнага пахавання. Пасля, з лёгкай iронiяй, ён заявiў, што не хацеў бы настойваць на такiх далiкатных абставiнах i добра разумее няёмкасць, якую, вiдаць, адчувае Мары, але (i тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасцi. Ён папрасiў, каб Мары сцiсла распавяла, як прайшоў той дзень, калi я яе спазнаў. Мары не хацела нiчога гаварыць, але ўсё ж саступiла настойлiвасцi пракурора i расказала, што спачатку мы былi на пляжы, потым хадзiлi ў кiно, а пасля - пайшлi да мяне. Пракурор заявiў, што пасля паказанняў, якiя Мары дала на следстве, ён пацiкавiўся, што iшло ў кiнатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалi. I яна, нейкiм амаль зусiм згаслым голасам, сказала, што гэта быў фiльм з Фернандэлем. Калi яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цiшыня.
|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|