Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 82 из 109

Пракурор вельмi велiчна ўстаў i, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовiў, паказваючы на мяне пальцам:

- Вось, панове прысяжныя, чалавек, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi iдзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь i забаўляецца, гледзячы камедыйны фiльм. Больш мне няма чаго дадаць.

Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цiшыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася i зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусiм не так, яе прымушалi казаць зусiм не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, i я нiколi не рабiў нiчога благога. Але па знаку старшынi судовы выканаўца вывеў яе з залы, i слуханне справы пайшло далей.

Наступных сведкаў амаль нiхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, якi заявiў, што я чалавек сумленны, "i ён нават болей скажа - чалавек прыстойны". Так было i з Саламано, якi прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, i таму я аддаў яе ў прытулак.

- Гэта ж таксама трэба разумець, - казаў Саламано, - гэта ж таксама трэба разумець.

Але, здаецца, нiхто не разумеў. Яго вывелi.

Потым настала чарга Раймона, ён быў апошнi. Раймон зрабiў мне прывiтальны жэст i адразу заявiў, што я невiнаваты. Але старшыня перапынiў яго i сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкi, а факты. I папрасiў Раймона адказваць толькi на зададзеныя пытаннi. Тады ў яго спыталi, якiя сувязi ў яго былi з ахвярай.

|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]