Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 95 из 109

Не ведаю, колькi разоў я задаваў сабе пытанне, цi былi выпадкi, каб асуджаны на смерць здолеў унiкнуць гэтай бязлiтаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь палiцэйскiя заслоны. I я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагi на тыя апавяданнi, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такiмi пытаннямi заўсёды трэба цiкавiцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыццi. Вядома, як i ўсе, я чытаў у газетах судовую кронiку. Але ж ёсць, безумоўна, i спецыяльныя выданнi, пацiкавiцца якiмi я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апiсанне ўцёкаў. I напэўна б, даведаўся, што хоць адзiн раз, ды быў такi выпадак, каб у гiльяцiне нешта заклiнавала, што хоць адзiн раз шанц i выпадак усё ж здолелi нешта змянiць у гэтым няўхiльным i наканаваным руху. Хоць адзiн раз! Па-мойму, мне i гэтага было б досыць. Рэшту зрабiлi б маё ўяўленне i сэрца. У газетах часта пiсалi пра нейкi доўг, якi злачынца нiбыта вiнен грамадству. I на iх думку, яго трэба было плацiць. Але што гэта дае ўяўленню? Iншая рэч - магчымасць уцячы, унiкнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду i бегчы, бегчы без памяцi насустрач надзеi i ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея - на ўсiм бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вулiцы. Аднак, калi добра падумаць, нiшто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне.

Каб я нават вельмi захацеў, я не мог пагадзiцца з такою наглаю непазбежнасцю.

|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]