Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
97 из 109
Бо тады, ад адной толькi думкi, што я, вольны, буду стаяць на свiтанку за палiцэйскiм заслонам - па iншы бок, калi так можна сказаць, - i глядзець на ўсё як просты глядач, якi пасля мае права званiтаваць ад убачанага, - ад адной такой думкi радасць горкаю хваляй залiвала мне сэрца. А гэта было неразумна. Мне не варта было паддавацца такiм летуценням, бо ўжо праз хвiлiну мне рабiлася настолькi холадна, што я ўвесь скурчваўся пад коўдрай. I кляцаў зубамi, не маючы сiлы стрымацца.
Але ж вядома, што быць заўсёды разумным немагчыма. Вось i я - пачынаў часам складаць свае праекты законаў. Рэфармаваў крымiнальны статут. Я раней яшчэ заўважыў, што сама галоўнае тут - пакiнуць асуджанаму хоць адзiн шанц на ратунак. Адзiн з тысячы, яго было б дастаткова, каб уладкаваць вельмi многае. Напрыклад, можна было б знайсцi такое хiмiчнае спалучэнне, якое забiвала б пацыента (гэта я так казаў у думках: "пацыента") у дзевяцi выпадках з дзесяцi. I пацыент бы пра гэта ведаў - такая была б умова. Бо калi добра ўсё ўзважыць i зiрнуць на справу спакойна, дык сама галоўная загана гiльянiцы якраз у тым, што яна не пакiдае нiякага шанцу, абсалютна нiякага. Карацей кажучы, яна гарантуе смерць пацыенту на ўсе сто адсоткаў. Справа тут вырашаная, нiякiх варыянтаў быць не можа, i ўсё адладжана настолькi, што ўжо i думаць няма пра што. I нават калi першы раз нейкiм цудам штосьцi выйдзе няўдала - нiчога, паўтораць. Адсюль, як гэта нi сумна, вынiкае, што асуджаны сам павiнен спадзявацца на добрае функцыянаванне машыны. I гэта, як я ўжо казаў, галоўная яе загана.
|< Пред. 95 96 97 98 99 След. >|