Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
18 из 19
Араб павярнуўся да Дару, i на твары ў яго ўзнiкла нешта накшталт панiкi. "Слухай", - сказаў ён. Але Дару пакруцiў галавой. "Маўчы, не трэба нiчога казаць. Цяпер я пакiдаю цябе аднаго". Ён павярнуўся спiнаю да араба i ступiў некалькi крокаў да школы, потым спынiўся, яшчэ раз нерашуча зiрнуў назад i нарэшце пайшоў. Нейкi час ён чуў толькi гук сваiх крокаў па мёрзлай зямлi. Ён не азiраўся. Але праз некалькi хвiлiн усё ж не вытрымаў i павярнуў галаву. З апушчанымi рукамi араб стаяў на тым самым месцы на краi пагорка i глядзеў настаўнiку ўслед. Дару адчуў, як да горла падкацiў камяк. Але ён толькi нервова вылаяўся, шырока махнуў рукой i рушыў далей. Ён ужо быў далёка, калi спынiўся i паглядзеў зноў. На пагорку нiкога не было.
Дару занепакоiўся. Сонца ўзышло даволi высока i пачынала ўжо прыпякаць. Настаўнiк павярнуў назад. Спачатку ён iшоў нерашуча, але потым усё хутчэй, i пакуль дабраўся да пагорка, увесь уваўрэў. Ён стрымгалоў узляцеў на вяршыню i спынiўся, пераводзячы дых. На поўднi скалiстыя палi рэзка акрэслiвалiся на фоне блакiтнага неба, а на ўсходзе па-над раўнiнай ужо пачынала ўзнiмацца спякотнае мроiва. I недзе там, у гэтай празрыстай смузе, Дару з болем у сэрцы ўбачыў араба, якi марудна цягнуўся па дарозе ў выгнанне.
Пазней, у класе, настаўнiк стаяў каля акна i глядзеў кудысьцi перад сабой, не заўважаючы зыркага жоўтага святла, якое абрыналася з высокага неба i запаўняла ўвесь горны абшар. Ззаду на чорнай дошцы мiж звiлiн французскiх рэк чыясьцi няўмелая рука накрэмзала крэйдаю надпiс, якi ён толькi што прачытаў: "Ты выдаў нашага брата.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|